Пошук актыўных людзей у абласных і раённых цэнтрах, мястэчках і вёсках для дапамогі ў арганізацыі сваіх міні- (а можа і не міні) Фэстаў у рэгіёнах

Шаноўныя сябры! Неабыякавыя краязнаўцы і экскурсаводы, гісторыкі і архітэктары, настаўнікі і супрацоўнікі музеяў, турфірмаў, раённых аддзелаў культуры! 20 – 21 красавіка ў Беларусі адбудзецца чарговы «Фэст экскурсаводаў», прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў, які адзначаецца ва ўсім свеце 18 красавіка па ініцыятыве ЮНЭСКА вось ужо 30 год.

“Фэст экскурсаводаў” узнік у 2009 годзе з мэтай пазнаёміць жыхароў канкрэтных рэгіёнаў, гарадоў, вёсак, раёнаў і нават вуліц з тымі помнікамі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень. У свядомасці чалавека часта жыве ўпэўненасць, што жывучы на адным месцы досыць доўга ўсё пра яго ведаеш і нічога цікавага побач няма. І менавіта ў гэтым хаваецца прычына занядбанасці шматлікіх гістарычных будынкаў. “Адкрыць вочы” мясцовым жыхарам – вось што можа паспрыяць захаванню і адраджэнню таго ці іншага помніка!

«Фэст экскурсаводаў» - гэта шэраг бясплатных экскурсій па найцікавейшых мясцінах, па небанальных маршрутах і тэмах, якія будуць праведзеныя на працягу 2 дзён па розных кутках Беларусі. Кожны год мы спрабуем данесці інфармацыю пра бясплатныя экскурсіі менавіта да жыхароў тых раёнаў і вуліц, дзе яна будзе адбывацца.

«Фэст экскурсаводаў» - гэта адкрытая акцыя. Мы звяртаемся да краязнаўцаў і экскурсаводаў: прапануйце свае цікавыя пешаходныя маршруты! Падрыхтуйце тэму, якую вам даўно карцела раскрыць, але не было на яе камерцыйнага заказу. Ахвяруйце некалькімі гадзінамі, каб падзяліцца сваімі ведамі з тымі, хто хацеў бы больш даведацца пра родныя мясціны.

Мы шукаем актыўных людзей у абласных і раённых цэнтрах, мястэчках і вёсках для дапамогі ў арганізацыі сваіх міні- (а можа і не міні) Фэстаў у рэгіёнах. У Мінску за 2 дні праводзіцца больш за 30 экскурсій. Нам бы хацелася, каб іншыя мясціны Беларусі не адставалі ў гэтай справе. Калі Вы займаецеся даследваннем гісторыі свайго горада, мястэчка, падзяліцеся ёй з тымі, хто жыве побач з Вамі!

Патэлефануйце ці напішыце нам – паведамце пра сваё жаданне арганізаваць ці правесці экскурсію – і мы апублікуем яе ў агульным спісе экскурсій “Фэста экскурсаводаў”, які будзе размешчаны на буйнейшых інтэрнэт-парталах і ў друкаваных СМІ! Будзем радыя бачыць сярод удзельнікаў Фэста і турыстычныя прадпрыемствы. Дадайце ў агульны спіс сваю бясплатную экскурсію! Гэта дазволіць большай колькасці людзей даведацца больш пра сваю малую Радзіму, а вам зробіць неблагую рэкламу.
У гэтым годзе ў межах Фэста будуць распрацаваныя і праведзеныя Мінску экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы паспрабуем раскрыць тэму, якую ў якасці «гадавой» прапанаваў міжнародны камітэт ICOMOS – ахова помнікаў адукацыі. Правядзём некалькі экскурсій для маленькіх дзетак, распрацуем адмысловыя маршруты для веласіпедных экскурсій, арганізуем гістарычныя вандроўкі па самых старых храмах. Дый шмат чаго яшчэ цікавага...

Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і чакаем новых удзельнікаў з цікавымі ідэямі!

 

Пішыце нам на адрас: fest@icomos.by

 

Тэлефоны для даведак:

+375295571124 (Цімох)

+375333413612 (Яўгенія)

+375298969785 (Валянціна)

 

Аргкамітэт «Фэста экскурсаводаў 2013»: ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС», ГА «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», краязнаўчы клуб «Дыярыуш» (БДПУ імя М. Танка), інтэрнэт-партал «Holiday.by», МГА "Гісторыка".

 

Источник: http://fest.icomos.by/2013/03/20-21-18-30.html

0
 TUT.BY Rating All.BY